…Жанчына пасля гадоў у зняволенні выходзіць на волю, але не мае дакументаў, працы, падтрымкі сям’і, доступу да медыцынскай дапамогі, а часам яшчэ і павінна аднавіць сувязь з дзяцьмі.
Гэта не ўяўнае разважанне, не адзінкавы выпадак, а тыповы вузел праблем, з якімі сутыкаюцца былыя вязынкі ў першыя дні і тыдні пасля вызвалення.
Сёння мы зноў прапануем наведвальнікам нашага сайта паразважаць аб пытаннях рэсацыялізацыі жанчын, якія вызваляюцца з пенітэнцыярных устаноў у Беларусі.
Мы ўжо не аднойчы казалі і пісалі пра сумныя лічбы пенітэнцыярнай статыстыкі ў Беларусі.
Адзін з істотных “чырвоных сцяжкоў” у дадзенай сферы – гэта закрытасць інфармацыі. Сёння немагчыма знайсці афіцыйныя лічбы аб колькасці людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі, а гэта сведчыць, што беларускім уладам ёсць што хаваць. Зрэшты, мы маем дастаткова ўскосных дадзеных, а таксама экспертных кампетэнцый, каб самастойна ацаніць такія паказчыкі з дастатковай для аналізу дакладнасцю.
Напрыклад, Інстытут даследванняў палітыкі ў галіне злачыннасці і правасуддзя (Institute for Crime & Justice Policy Research) у выніках свайго штогадовага даследвання размяшчае Беларусь на 24-й пазіцыі ў свеце па адноснай колькасці зняволеных – 345 чалавек на 100 000 насельніцтва (здымак 1). І хоць Інстытут шчыра адзначае, што апошнія даставерныя дадзеныя па Беларусі датуюцца 2018 годам, падзеі мінулага дзесяцігоддзя, на жаль, не даюць падстаў меркаваць, што колькасць зняволеных у нашай кріане зменшылася. Адзначым таксама, што ў гэтую лічбу, як правіла, не ўключаюцца людзі, якія ўтрымліваюцца пад следствам. Статыстыка не ўлічвае таксама істотную асаблівасць беларускай прававой сітуацыі – наяўнасць так званых лячэбна-працоўных прафілакторыяў, ЛПП. Людзі, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП, фармальна не лічацца асуджанымі, хоць па факце яны пазбаўленыя волі, а самі гэтыя “прафілакторыі”, нягледзячы на вызначэнне “лячэбныя”, уваходзяць у сістэму Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) – структуру МУС Беларусі. Па нашай ацэнцы, з улікам адзначанага ў сістэме ДВП Беларусі на сёння ўтрымліваецца не менш 40 000 чалавек.
Здымак 1.

Дадзеныя сведчаць, што з агульнай колькасці зняволеных у Беларусі не менш 10 адсоткаў складаюць жанчыны, і па гэтым паказчыку наша краіна знаходзіцца прыкладна на 13-м месцы ў свеце (здымак 2). Гэты аспект не можа не ўражваць.
Здымак 2.

Па логіцы, асноўнай задачай пенітэнцыярнай сістэмы любой краіны павінна быць прафілактыка рэцыдыўнай злачыннасці – то бок, сістэмная дзейнасць, накіраваная на паспяховую адаптацыю вязняў у грамадства пасля вызвалення. А гэта і ёсць рэсацыялізацыя. Відавочна, што і ў гэтым пытанні гендарны аспект мае істотнае значэнне – то бок, жанчыны маюць адрозныя ад мужчын патрэбы ў рэсацыялізацыі і, адпаведна, мусяць быць адрозныя падыходы да падрыхтоўкі да выхаду на волю.
Праблемы зняволеных жанчын і дзяўчат у цэлым застаюцца недастаткова вывучанымі. Што да Беларусі, то звестак пра сучасны сістэмны аналіз патрэбаў жанчын у рэсацыялізацыі пасля вызвалення фактычна няма.
У 2015 годзе правабаронца и былы турэмны лекар Васіль Завадскі ўдзельнічаў у арганізацыі навуковага сацыялагічнага даследавання, прысвечанага патрэбам вязняў беларускай пенітэнцыярнай сістэмы ў рэсацыялізацыі. Тады яшчэ было магчыма правесці маштабнае анкетаванне зняволеных у шэрагу калоній, у тым ліку жаночых.
Няма падстаў лічыць, што атрыманыя дадзеныя страцілі актуальнасць, таму прывядзём некаторыя прыклады.
Першы – інфармацыя пра сацыяльныя сувязі, якія падтрымліваюць вязні падчас зняволення. Звяртае на сябе ўвагу факт, што жанчыны маюць заўважна менш кантактаў з людзьмі на волі ў параўнанні з мужчынамі. Гл. здымак 3.
Здымак 3.

Увогуле у сацыяльнай дапамозе пасля вызвалення маюць патрэбу 84,9 % апытаных зняволеных. Аўтар даследвання падкрэслівае, што заўважнай статыстычнай розніцы паміж жанчынамі і мужчынамі па гэтым паказчыку няма.
Найбольш запатрабаваная дапамога ў працаўладкаванні (у ёй маюць патрэбу 35,1 % рэспандэнтаў) і медыцынская дапамога (32,2 %). 22,7 % рэспандэнтаў патрабуюць афармлення/аднаўлення дакументаў.
21,1 % апытаных маюць патрэбу ў дапамозе па аднаўленні бацькоўскія правоў – і па гэтым паказчыку жанчыны выразна лідзіруюць – такой дапамогі патрабуюць 48,8 адсоткаў апытаных зняволеных жанчын супраць 14,1 % мужчын. Гл. здымкі 4 і 5.
Здымак 4.

Здымак 5.

Гэтыя дадзеныя выразна паказваюць неабходнасць мэтанакіраванай, сур’ёзнай, навукова і практычна абгрунтаванай працы па садзейнічанню рэсацыялізацыі зняволеных у нашай краіне з – падкрэслім гэта – улікам гендарнага аспекта праблемы. Для жанчын гэта асабліва важна, таму што для іх пытанні сацыяльных сувязяў, здароўя, мацярынства, дакументаў, працы і бяспекі часта пераплятаюцца ў адзін складаны вузел.
Вопыт такой працы ёсць, і ён сведчыць, што гэтая дзейнасць павінна праводзіцца ўвесь той час, які зняволены адбывае пакаранне, і працягвацца пасля вызвалення. Арганізацыя гэтай напростай работы – задача дзяржавы, а эфектыўнай яна можа быць толькі тады, калі ў ёй прымаюць удзел як дзяржаўныя структуры, так і грамадства – праз зацікаўленых людзей, найперш праз недзяржаўныя арганізацыі.
Як гэта адбываецца ў нашай краіне на практыцы, сведчаць нашы суразмоўцы і нашы спецыялісты. Матэрыялы на гэтую тэму мы працягваем публікаваць тут, а таксама на старонках у нашых сацыяльных сетках.